17:41 Святыя Сакрамэнты |
САКРАМЭНТ КАНФІРМАЦЫІ (БЕЖМАВАННЕ)
У Дзеях Апостальскіх чытаем: «Апосталы ж, што былі ў Ерузалеме, пачуўшы, што Самарыя Прыняла Слова Божае, паслалі ім Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, (бо Ён на нікога яшчэ не зышоў, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Пана Езуса). Тады яны ўсклалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Святога» (пар. Дз 8, 14-17). Сакрамэнт канфірмацыі - гэта сакрамэнт сталасці. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным Духа Святога, які ў дзень Пяцідзесятніцы быў праз Яго спасланы на апосталаў. Праз гэты дар Духа Святога вернікі яшчэ больш упадабняюцца да Хрыста і ўмацоўваюцца, каб складаць Яму сведчанне і будаваць Яго Цела ў веры і любові.«Але вы не ў целе, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той і не Ягоны» (пар. Рым 8, 9). Чалавек з'яўляецца хрысціянінам у такой ступені, у якой удзельнічае ў жыцці Хрыста, наколькі ён, як і Езус Хрыстус, ёсць намашчаны Духам Святым - Духам праўды і любові, Духам мужнасці для сведчання, Духам адказнасці за развіццё Касцёла і за прысутнасць Хрыста ў свеце. Праз сакрамэнт канфірмацыі хрысціянін атрымлівае незнішчальны знак вызнаўцы Хрыста, таму гэты сакрамэнт не паўтараецца. Кожны ахрышчаны можа і павінен прыняць сакрамэнт канфірмацыі. Удзяляе гэты с акрамэнт біскуп. Бацькі абавязаны клапаціцца аб падрыхтоўцы дзяцей да сакрамэнтальнага жыцця праз фармаванне і паступовае ўмацаванне ў іх духа веры, а таксама праз непасрэдную падрыхтоўку да годнага прыняцця сакрамэнтаў канфірмацыі і Эўхарыстыі. Пры бежмаванні павінен быць так званы сведка, выбраны кандыдатам да бежмавання альбо яго роднымі. Сведка павінен вызначацца прыкладным хрысціянскім жыццём. Сведкамі могуць быць хросныя і нават родныя бацькі кандыдата да бежмавання. У часе ўдзялення гэтага сакрамэнту сведка кладзе правую руку на правае плячо кандыдата ў знак таго, што ён будзе дапамагаць яму парадаю і чынам у жыцці, згодным з вызнаванаю вераю.
Малітва перад бежмаваннем
Духу Святы, Ты праз хрост учыніў мяне Божым дзіцем і хрысціянінам. Май ласку сысці на мяне ў гэтым сакрамэнце, як сышоў на апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы. Пасяліся назаўсёды ў душы маёй з дарамі Тваімі. Удзялі мне дар мудрасці, розуму і здольнасці, дар парады і мужнасці, пабожнасці і боязі Божай. Натхні мяне апостальскім духам, каб я быў нястомным сведкам Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Абрады сакрамэнту канфірмацыі
1. Уступныя абрады. 2. Літургія слова. 3. Просьба аб удзяленні сакрамэнту.
Святар: Дастойны ойча, святы Касцёл просіць праз мяне аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі с абраным тут вернікам (сабранай тут моладзі) парафіі (называецца парафія). Біскуп: Ці гэтыя вернікі (гэтая моладзь) ведаюць, які вялікі дар атрымаюць яны ў гэтым сакрамэнце,і ці адпаведна падрыхтаваліся (падрыхтавалася) да прыняцця яго?
Святар: Я перакананы, што ўсе падрыхтаваліся да канфірмацыі, бо ўдзельнічалі ў слуханні Слова Божага і супольнай малітве, а таксама прыступілі да сакрамэнту споведзі. Біскуп: Дарагія браты і сёстры, скажыце перад сабраным тут Касцёлам, якіх ласкаў чакаеце вы ад Бога ў гэтым сакрамэнце?
Кандыдаты: Прагнем, каб Дух Святы, якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага Вызнавання веры і для жыцця паводле яе запаведзяў. Усе: Амэн.
4. Аднаўленне прысягаў хросту. 5. Ускладанне рук і намашчэнне хрызмам:
Біскуп: N. (імя), прымі знак дару Духа Святога. Кандыдат: Амэн. Біскуп: Супакой з табою. Кандыдат: I з духам тваім.
6. Малітва Панская. 7. Пантыфікальнае благаславенне.
Біскуп: Пан з вамі. Усе: I з духам тваім.
Біскуп: Няхай імя Пана будзе благаслаўлёна. Усе: Цяпер і навекі.
Біскуп: Дапамога наша - у імені Пана. Усе: Які стварыў неба і зямлю.
Біскуп: Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, * і Дух Святы. Усе: Амэн.
Малітва пасля бежмавання
Духу Святы, праз гэты сакрамэнт Ты даў мне сілу для барацьбы, каб моцаю і жывою вераю я сведчыў аб валадарстве Хрыста на зямлі. Няхай жа жыццё маё будзе барацьбою, няхай сярод перамог і ўпадкаў, падтрыманы Тваёю сілаю, штораз лепш буду разумець словы святога Пятра: «Але вы - выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, людзі, выбраныя, каб абвяшчаць дабрадзейнасці Таго, Хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло». |
|
Всего комментариев: 0 | |